3 лістапада 2018 года ў Мінскім гарадскім педагагічным каледжы прайшлі чытанні “Спадчына беларускай педагогікі: ад Еўфрасінні Полацкай да сучаснасці”
3 лістапада 2018 года ў Мінскім гарадскім педагагічным каледжы прайшлі чытанні “Спадчына беларускай педагогікі: ад Еўфрасінні Полацкай да сучаснасці”. У гэтым годзе чытанні былі прысвечаны дзейнасці знакамітага беларускага пісьменніка, грамадскага дзеяча, педагога, навукоўца Якуба Коласа. Праблемнае поле чытанняў адрознівалася сваёй мнагастайнасцю: ад вытокаў пісьменніцкага таленту Я.Коласа да праблем захавання спадчыны класікаў нацыянальнай педагогікі.
Прыняць удзел у чытаннях прапаноўвалася навучэнцам 1-2 курсаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі і 10-х педагагічных класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
Зразумела, што навучэнцы Аршанскага каледжа не маглі прайсці міма дадзенага мерапрыемства: 5 дакладаў прадставілі на чытаннях навучэнкі 1-2 курсаў. Даследаванні дзяўчат ахоплівалі разнастайныя бакі шматграннай творчасці Я.Коласа.
Навучэнка групы 2НО17 Волкава Я. (кіраўнік Дзярнова А.В.) праз прызму публіцыстычнай і навукова-педагагічнай спадчыны Я.Коласа разгледзела пытанні навучання роднай мове як сродку фарміравання народнай свядомасці беларусаў.
Лук’янцова П.А. і Рабава П.А., навучэнкі групы 1ДО18 (кіраўнік Шабадрова Н.М.), уразілі прысутных выразным чытаннем вершаў вядомага паэта, прааналізаваўшы “турэмны” цыкл вершаў Я.Коласа і яго ролю ў стварэнні панарамы народнага жыцця.
Дзейнасць Я.Коласа як навуковага і грамадскага дзеяча ахарактарызавалі ў сваім дакладзе навучэнкі групы 2НО17 Пярвова М.В. і Гузава В.М. (кіраўнік Рабцава Л.У.).
З метадычным дапаможнікам К.Міцкевіча “Методыка роднае мовы” пазнаёміліся навучэнкі 1 курса групы 1НО18 Кавалёва Т і Багінская К. (кіраўнік Чыкаванава К.А.), прааналізавалі яго з пункту гледжання актуальнасці для сённяшніх настаўнікаў пачатковых класаў. Вынікі сваёй работы яны прадставілі ў дакладах: “Погляды Я.Коласа на моўную адукацыю асобы, іх актуальнасць” і “Роля Я.Коласа ў станаўленні методыкі выкладання літаратурнага чытання”.
Вывучэнне творчасці і дзейнасці славутага беларуса карысна і павучальна, а магчымасць сустрэцца з аднагодкамі з іншых устаноў адукацыі, абмяняцца ўласнымі думкамі, завязаць новыя знаёмствы карысна ўдвайне. Гэтую магчымасць скарысталі нашы навучэнкі падчас чытанняў.
Дамоў у Оршу дзяўчаты вярталіся задаволеныя ўдзелам у мерапрыемстве і настроеныя на далешы працяг сваёй даследчай работы.
Чыкаванава К.А.,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Аршанскага каледжа ВДУ імя П.М.Машэрава
Чикованова Е.А. [2018-11-09]